Home
Беларусь Перадусім
КАЛЬВАРЫЯ ВЁСКІ ДУБОК / Уладзімір Прыхач 

Advertisement

Customize
8th-Feb-2009 01:17 pm
Hiedymin
Уладзімір Прыхач

КАЛЬВАРЫЯ ВЁСКІ ДУБОК



Ёсць у нашым рэгіёне мясціны, якія прывабліваюць наведвальнікаў сваёй прыгажосцю і таямніцай мінулага. Адным з такіх месц зяўляецца комплекс сакральных мураваных пабудоў і ўзвышаючыхся ў пэўным парадку драўляных крыжоў размешчаных на левым маляўнічым беразе Вяллі ў ваколіцы вёскі Дубок Астравецкага раёна. Неаднойчы тут увагу воднага турыста і пешага вандроўніка прыцягваў ці то грот з выявай Маці Божай і крынічкай з крыштальна чысцюткай вадой, ці велічная мураваная брама аздобленая цікавым народным кавальствам на стромкім пейзажным беразе ракі, ці іншыя мясцовыя дзівосы...
Усе гэтыя ўзведзеныя чалавечым талентам рэлігійна-культурныя аб‘екты маюць сваю непаўторную і старажытную гісторыю, спрыяюць развіццю краязнаўчай зацікаўленасці ўсё большай колькасці наведвальнікаў гэтай мясціны, якія з пашанай ставяцца да гісторыі і культуры Бацькаўшчыны.

МІНУЛАЕ ДУБОЦКІХ НАВАКОЛЛЯЎ

З даўніх часоў балоцістыя і густыя лясныя абшары паміж Жодзішкамі-Данюшавам-Соламі-Гервятамі-Нястанішкамі лічыліся кутом паганскай веры дадзенага края. Не маючы значных сухапутных шляхоў зносін блакітная стужка Вяллі ўвесь час адыгрывала галоўны гандлёва-транспартны і інфармацыйны канал, злучаючы значныя цэнтры вытокаў і вусця ракі. Па ёй ішло засяленне края ў мінулым, ствараліся асяродкі мясцовага жыцця з нязменным традыцыйным побытам, аб чым сведчаць шматлікія часткова захаваўшыяся курганны паабапал ракі каля Ашмянца, Андрэяўцаў, Пільсці, Углянаў, Татарскіх гор насупраць Жодзішак, Дубка. Адначасова тут ўзнікаюць значныя паганскія рэлігійныя цэнтры.
Пры правядзенні воднай экспедыцыі па вывучэнню Вяллі і яе берагоў у 1857 годзе Канстанцінам Тышкевічам упершыню былі выяўлены свяцілішча каля Татарскіх гор паблізу Жодзішак і Тупальшчыны. Першае складалася з вялікага камяня атачонага двума радамі меншых камянёў, а археалагічныя знаходкі каля Тупальшчынскага Вялікага каменя далі падставу даследчыку лічыць яго “ алтаром паганскай веры ў Літве “. Не абмінулі сваёй увагай гэтыя мясціны навукоўцы і ў наступным 20 стагоддзі. Маштабнае вывучэнне курганоў у Дубку і наваколлях адбылося археолагам Г.Цэгак-Галубовіч ў 1935 годзе, прадоўжана ў 1999 годзе раскопкамі каля недалёкага Тупальшчынскага каменя і курганоў вядомым беларускім археолагам Эдвардам Зайкоўскім. Па знойдзеных ў час апошняга даследвання матэрыялах быў зроблены вывад аб тым, што пахаванні ў курганах можна датаваць першай паловай ці сярэдзінай 13 стагоддзя, знаходзяцца яны ў арэале распаўсюджання курганоў усходнелітоўскага тыпу. Як мяркуе навукоўца, курганная група і Вялікі камень з каменнай абкладкай вакол яго ў мінулым у`яўлялі адзіны культавы комплекс . Аб чым маглі сведчыць і знаходкі рэшткаў рытуальнага ключа з каляровага металу, адзін пярсцёнак з салярным знакам у выглядзе свастыкі, дзве бразготкі з крыжападобнымі проразамі ўнізе.
На карце 1865-1866 года на месцы Дубка пазначаны “ Господский Двор Новосёлки “, што нагадвае пра існаванні тут маёнтка побач з вясковым паселішчам. Але назва гэтай мясцовасці мае больш глыбокія вытокі. Той факт, што у дадзеным месцы спакон вякоў раслі шанаваныя продкамі дубравы, якія і далі тапанімічную назву, можа пацвердзіць адзін з велізарных дубоў вёскі. Гэта амаль апошні захаваўшыйся са старажытнасці помнік прыроды ўсяго ўзбярэжжа Вяллі якім мы можам па праву ганарыцца. Вось у такім адметным месцы ў першай палове мінулага стагоддзя была наканавана лёсам пабудаваць капліцу, набыўшую назву Курганская.

КУРГАНСКАЯ КАПЛІЦА

Пачаткам будаўніцтва дадзенай хрысціянскай святыні лічыцца 1928 год. Менавіта 80 год таму было выбрана гэтае найпрыгажэйшае месца сярод параскіданых вакол старадаўніх курганаў у жодзішкаўскай парафіі для пабудовы храма. На наступны год, 29 мая 1929 года, біскуп Уладзіслаў Бандурскі асвяціў капліцу пад назовам Маці Божай Нястомнай Дапамогі, вобраз якой лічыцца таксама за вобраз Маці Божай Смуткуючай.
Храм вырашаны ў традыцыях народнага драўлянага дойлідства па тыпу 3-х нефавай безвежавай базілікі. Цэнтральны, вышэйшы за бакавыя неф завершаны паўвальмавым дахам, які раней быў крыты гонтам, цяпер жа перакрыты шыферам. Уваходны вальмавы навес ганка падтрымліваюць два драўляныя слупы. Зруб збудавання вяночнай канструкцыі складзены з абчэсаных бярвенняў і абапіраецца на падмурак з валуноў. На галоўным фасадзе месціцца драўляная скульптура Збавіцеля на крыжы, а сам касцёл завершаны металічным крыжом вытанчанай кавальскай работы, спалучыўшай пры гэтым народныя традыцыі з рэлігійным сэнсам. Свядомасць кожнага, ўпершыню набліжаючагася да капліцы наведвальніка, ўзрушаюць звітыя вянкі і аздабляючыя страху дубовыя галінкі, знаходзячыяся побач з уваходам дзве каменныя кропельніцы і прыбітыя да сцяны драўляныя маскі аскаленых пашчаў драпежнікаў - адбіткі старадаўняга мінулага края. Напэўна на Беларусі больш нідзе не сустракаецца такога дзіўнага спалучэння і таму гэтая асаблівасць надае унікальнасць дадзенаму помніку.
У 1934 годзе дырэктар фабрыкі “ М.O.J. „ з Катавіцы ахвяраваў да капліцы 40 кілаграмовы звон, прыгожы меладычны гук якога штогод па святах запрашае шматлікіх вернікаў на набажэнства. Першапачаткова ён знаходзіўся на высокай 4-х слупавой званіцы завершанай пірамідальным гонтавым дашкам, цяпер жа звон месціцца на простай двухслупавой канструкцыі. Побач з касцёлам узвышаецца вялікі рарытэтны драўляны крыж з нядзельнага дня 7 ліпеня 1935 года, аб чым сведчыць памятны запіс на ім.
Аднак існуючая капліца мае больш даўнюю гісторыю і глыбейшыя традыцыі ўшанавання сваёй заступніцы у дадзеных мясцінах. Яе папярэднікам быў асвечаны ў 1814 годзе філіяльны касцёл у недалёкім маёнтку Пастарыні. Той касцельчык у Жодзішкаўскай парафіі быў невялікім, драўляным, крыты саломай, меў дзве вежы і столькі ж закрысцій. Збудаваў яго уладальнік Пастарынь, былы памежны суддзя Свянцянскага павету Ігнат Жолудзь і меў назову Маці Божай Смуткуючай. Фундатар абавязаў сваіх паслядоўнікаў па пастарынскім двару выплачваць штогод жодзішкаўскаму пробашчу па 15 рублёў, за што апошні павінен быў даязджаць на сваіх конях у Пастарыні і адпраўляць набажэнства ў першы дзень кожнага месяца, у дні Маці Божай Смуткуючай, іншыя значныя рэлігійныя святы.
Трагічнай датай у жыцці храма стала 18 снежня 1894 года, калі было забаронена ў ім адпраўляць набажэнства і пасля чаго пачаўся паступовы яго заняпад, які завяршыўся поўным знішчэннем касцёла ў гады першай сусветнай вайны. Дрэва пабудовы пайшло на апал нямецкіх казарм, касцельнае начынне назаўсёды страчана. У пасляваенны час быў толькі знойдзены зламаны крыжык з алтара, які пастарынскія жыхары прымацавалі да памятнага драўлянага крыжа паўстаўшага на месцы былой сваёй хрысціянскай святыні. Пасля вяртання мясцовага жыхарства парафіі з прымусовага выгнання ў бежанства, адбудовы сваіх гаспадарак і пацярпелага ад вайны жодзішкаўскага касцёла, паўстала думка аб узнаўленні філіяльнага касцёла. Справе садзейнічала і тое, што у час ваенных ліхалеццяў захаваўся тэстамент Жолудзя на пабудову і абслугоўванне пастарынскага касцёлу, працягвалася далейшае шанаванне сярод парафіян вобраза Маці Божай Смуткуючай. Так вырашылася пытанне з узвядзеннем хрысціянскага храма, але ужо ў вёсцы Дубок. З пабудовай і асвячэннем мураванай капліцы у Стаўбуцева Смаргонскага раёна ў мінулым 2007 годзе была вернута нашчадкамі даніна ўдзячнай памяці ў дачыненні да філіяльнага пастарынскага касцёла, бо менавіта ў той мясціне распачыналася першапачатковая гісторыя яго ўзнікнення і шанавання.

МАРЫЯНСКАЯ КАЛЬВАРЫЯ

Пасля узнясення Курганскай капліцы яна становіцца прыцягальным цэнтрам для каталіцкіх вернікаў усіх бліжэйшых наваколляў і таму у 1936 годзе нараджаецца думка аб узвядзенні тут сямі стацый ( гэты лацінскі тэрмін можна перакласці як стаянне, але ўжываецца ў літаратуры і тэрмін стацыя ) смутку Маці Божай, так званая Марыянская Кальварыя. Кальварыяй у каталікоў Беларусі, Літвы і Польшчы называліся сакральныя святыя месцы прысвечаныя культу крыжовага шляху, куды збіраліся натоўпы набожных на пакланенне. Закладваліся яны звычайна на ўзгорках, прыгадваючы пры гэтым размяшчэнне Іерусаліма, на якіх ставіліся стацыі крыжовага шляху ў форме крыжоў, капліц і касцёлаў. Кальварыі ахоплівалі таксама дарогі Маці Божай з каплічкамі. Як у выпадку з кальварыяй у вёсцы Дубок яны найчасцей засноўваліся каля месцаў былых паганскіх цэнтраў веры, у атачэнні курганоў, святых дубраў і крыніц.
Напружаная праца 1936 года дала свой выніковы плён. У хуткім часе была вымуравана першая стацыя ў выглядзе брамы з дзьвух ладных вежаў злучаных прыгожай сімвалічнай аздобай. Можна адзначыць, што ўсё кавальства сакральнага комплекса выканана ў народным характару, з мастацкім густам, не мае паўтору і сведчыць аб вялікім прафесійным узроўні майстра.
Трэцяя стацыя з‘явілася на месцы крынічкі з цудадзейнай гаючай вадой. Старажылы распавядаюць аб тым, што калісьці на гэтым месцы было яўленне Маці Божай, а потым забіла крыніца. Верагодней усё ж другая версія па якой крыніца, як амаль усе такія водныя прытокі Вяллі, мела ў старажытнасці сакральны сэнс і была месцам пакланення сілам прыроды. Прыстасаваўшы яе да новых умоў, вымуроўваецца над крыніцай грот з палявых каменняў і ўстанаўліваецца ў ім скульптура Маці Божай. Уверсе грота выбіваецца дата 1936 напамінаючая аб годзе завяршэння пабудовы гэтага помніка дойлідства
. Цікавай у архітэктурным вырашэнні стала і шостая стацыя Кальварыі. Уяўляе яна невялікую па памеры, квадратную ў плане, вымураваную з цэглы і валуноў капліцу пакрытую двухсхільным дахам, завершаную ля фасада цаглянной званічкай. Маючы шырокія дзверы яна дае магчымасць прыняць удзел у набажэнстве шматлікай грамадзе вернікаў. Капліца асвечана пад назовам Маці Божай Смуткуючай. На фасадзе прымацавана мемарыяльная шыльда, дзе пазначана:
KTO TE KAPLICE MIJA
NIECH ZMOWI POBOŽNIE
ZDROWAS MARYA
ZA DUSZE
S.† P.
IGNACEGO SIDOREWICZA
ZMARL 20-VI-1936 ROKU
На стацыях у той час прымацоўваюцца абразы маляваныя на блясе ксяндзом Баляславам Грамза. Разам з іншымі стацыямі, якія ўяўляюць сабою дубовыя крыжы, Кальварыя была асвечана 30 жніўня 1936 года. Негледзячы на дождж у той святочны дзень на Ціхай даліне, так завецца ў народзе гэтае месца, сабралася каля 6 000 вернікаў з суседніх Гервят, Нестанішак і Жодзішак. Магчыма колькасць прысутных на ўрачыстасці ў даўнейшай пісьмовай крыніцы пададзена і завышана, але ў той час дубоцкая Кальварыя сапраўды становіцца адным з вядомых рэлігійных цэнтраў усяго рэгіёна, сюды наведваюцца пілігрымы з розных куткоў не толькі Заходняй Беларусі, але Літвы, Польшчы і на працягу года іх агульная колькасць, цалкам верагодна, магла складаць больш 10 000 наведвальнікаў.
Кальварыю ў гэты перыяд бярэ пад сваю апеку Ордэн айцоў марыянаў.Члены гэтага каталіцка манаскага ордэна Таварыства бязгрэшнага зачацця Дзевы Марыі прымаюць чынны ўдзел у адбываючыхся ў Дубку ўрачыстасцях, іх друкарня “ Марыянум “ у Вільні выдае адпаведную дапаможную рэлігійную літаратуру. Узначальвае Ордэн у час станаўлення Кальварыі ўраджэнец дадзеных мясцін ( нарадзіўся ён у суседняй, ляжачай у 4-х кіламетровай адлегласці ад Дубка, вёсачцы з мілагучнай назвай Плавушка тойжа парафіі ) вядомы рэлігійны дзеяч, удзельнік беларускага нацыянальнага руха Андрэй Цікота.
Штогод у першую нядзелю ліпеня дубоцкая Кальварыя збірае на ўрачыстасць шматлікіх пілігрымаў з усіх куткоў края і замежжа. У гэты святочны дзень наведвальнікі не толькі ўмацоўваюць малітвай веру, прамаўляюць словы зямной удзячнасці і павагі сваёй нябеснай заступніцы, але аддаюць даніну памяці стваральнікам дадзенага шанаванага і ўтульнага кутка на беразе Вяллі. Кальварыя годна вытрымала выпрабаванні часу, а вера, як дзве тысячы год таму, кранае і выратоўвае чалавечыя душы, працягваючы далейшае сваё існаванне. Ва векі вякоў!

Advertisement

Customize
This page was loaded Dec 6th 2009, 4:09 pm GMT.